Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Крэўскі замак (макет)

, lida-zamak.krokam.com

Крэўскі замак – адзін з першых мураваных замкаў на беларускіх землях. Ён быў узведзены ў 20-я гады ХІV стагоддзя, калі мястэчка Крэва мела статус цэнтра ўдзельнага княства. У 1338 годзе вялікі князь Гедымін перадаў Крэўскае княства разам з замкам свайму сыну Альгерду. З таго часу замак узгадваецца ў летапісах.
У архітэктуру ўмацавання быў закладзены прынцып пераносу асноўнай абарончай нагрузкі з крапасных сцен на княскую вежу, якая была больш эфектыўнай ў абароне за кошт вынасу за сцены. Гэта давала магчымасць весці абстрэл ворага практычна ўкругавую. Таксама высокую вежу цяжэй было ўзяць штурмам. Сваёй формай замак нагадваў няправільную трапецыю з дзвюма вежамі, якія стаяць па дыяганалі. Унутры замка размяшчаліся драўляныя пабудовы.
У 1382 годзе тут забілі аднаго з вялікіх князёў літоўскіх – Кейстута. Праз тры гады, у 1385 годзе, Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ў замку падпісалі Крэўскую ўнію.