Вялікі князь літоўскі Гедымін
Гедымін – вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага ў 1316–1341 гадах.
У часы кіравання Гедыміна Вялікае Княства Літоўскае стала моцнай усходнееўрапейскай дзяржавай. Тэрыторыя павялічылася ў два разы шляхам аб’яднання галоўных гістарычных абшараў Беларусі: Панямоння, Берасцейшыны, Турава-Піншчыны, Полаччыны і Віцебшчыны. Гедымін перанёс рэзідэнцыю вялікага князя з Наваградка ў Вільню, якая стала сталіцай дзяржавы.
Вялікі князь Гедымін ужо пры жыцці карыстаўся прызнаннем і аўтарытэтам не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі. Ён заснаваў дынастыю, якая больш за дзвесце гадоў кіравала некалькімі краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гедымін таксама ўвайшоў у гісторыю як таленавіты палкаводзец, змагар з крыжакамі і заснавальнік горада Ліды і Лідскага замка.