Інтэрактыўная зала “Баляванні ў Лідскім замку”
Дажыўшы да 70 гадоў і перажыўшы трох жонак (Ядвігу, Ганну Цылейскую і Альжбету Граноўскую), кароль польскі Уладзіслаў Ягайла не меў наследніка. Германскі імператар Сігізмунд прапанаваў яму ажаніцца з удавой чэшскага караля Вацлава, абяцаючы ў пасаг Сілезію. Рада і каронная шляхта згаджаліся з гэтай прапановай, аднак Ягайла ажаніўся з праваслаўнай князёўнай Соф’яй Гальшанскай, у той час 17-гадовай дзяўчынай.
Шлюб адбыўся ў снежні 1421 года ў Навагрудку. У дзень вяселля ўзрост Ягайлы перавышаў 71 год. Пасля шлюбу маладыя выехалі ў Ліду, дзе і адбываліся асноўныя ўрачыстасці. У Лідзе сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоній Зена, чэшскае пасольства, літвінскае баярства. Каранацыя Соф’і адбылася ў Кракаве ў 1424 годзе. Гэта была самая ўрачыстая каранацыя каралевы ва ўсёй гісторыі Польшчы.
Шлюб удаўся. Соф’я нарадзіла Ягайлу трох сыноў і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У сучаснікаў былі сумненні наконт бацькоўства першага хлопчыка, але трэці сын Казімір, які нарадзіўся, калі каралю Ягайлу споўнілася 76 гадоў, быў настолькі падобны да бацькі, што атрымаў мянушку Ягелончык. Дынастыя Ягелонаў правіла аб’яднанай польска-літвінскай дзяржавай да 1572 года, Венгрыяй і Чэхіяй – да 1529 года.