Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Паўднёвая сцяна

, lida-zamak.krokam.com

Цэнтральная частка паўднёвай сцяны (максімальная вышыня да 13 метраў) найлепш захавалася з часу ўзвядзення да нашых дзён. На прыкладзе сцяны добра відаць тэхналогію пабудовы замка ў ХІV стагоддзі. Вонкавая паверхня сцяны выкладзена вялікімі, часткова абчасанымі валунамі.
Цэгла выкарыстоўвалася толькі для асноўных канструктыўных элементаў і архітэктурных дэталяў. Цагляны пояс на знешняй паверхні сцяны выкананы ў тэхніцы балтыйскага, альбо вендскага, каменнага мура (чаргаванне двух доўгіх бакоў цагліны (лажкоў) і кароткага (тычка)).
У паўднёвай сцяне на адлегласці 22 метраў ад паўднёва-заходняй вежы – невялікі паўцыркульны праём на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара. Ён, верагодна, лічыўся запасным (на выпадак разведкі ці ўцёкаў), і трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной лесвіцы.
Паўднёвая сцяна цікавая яшчэ і тым, што яна захавала, хоць і ў дэфармаваным выглядзе, старыя байніцы, якія прызначаліся для стральбы з лукаў, арбалетаў. Пры аднолькавай вышыні яны мелі розную шырыню і былі на адлегласці 3,3 метра адна ад адной.