Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Вітрына з металічнымі вырабамі

, lida-zamak.krokam.com

Пры раскопках Лідскага замка былі знойдзены наступныя металічныя прадметы: наканечнікі арбалетных стрэл XIV – XVI стагоддзяў і наканечнікі арбалетнага балта XV – XVIII стагоддзяў, фрагмент рыцарскай шпоры і колца ад яе XIV – XV стагоддзяў, падковы конскія і падкоўкі ад абцаса рыцарскіх ботаў XVI – XVII стагоддзяў.

Падковы.
Шырокае распаўсюджванне падковы атрымалі ў сярэднія вякі, тады ж яны набылі звыклую для нас форму. У рыцарскія часы падковы мелі яшчэ і сімвалічнае значэнне – яны дэманстравалі вартасць каня і вершніка. У пакаранне падковы здымалі – адну, дзве, тры ці ўсе чатыры. Ездзіць на “босым” кані лічылася ганьбай. Для розных коней, для рознага тыпу карыстання існуюць розныя тыпы падкоў. Пры вырабе вар’іруюцца і таўшчыня, і форма. Так, напрыклад, для цяжкавозаў робяць падковы больш тоўстыя, а для скакуноў – наадварот, танчэйшыя. Падковы дазвалялі жывёлам праходзіць далёкія адлегласці з больш высокай хуткасцю па любой, у тым ліку і камяністай мясцовасці без пашкоджанняў. З падкаванымі коньмі можна было весці вайну ў любую пару года.

Падкоўкі ад рыцарскіх ботаў.
Існуе версія, што абцас першапачаткова быў прыдуманы як прымацаванне да ботаў для верхавой язды, каб нага вершніка не правальвалася ў стрэмя. Магчыма, што абцас на ботах як яго неад’емная частка з’явіўся на мяжы XVI – XVII стагоддзяў. Падкоўкі для ботаў выкарыстоўваліся з мэтай павелічэння тэрміну службы абутку. Падкоўкі або скобы мацаваліся да абцасаў. Адным са спосабаў было прымацаванне на шыпах.

Шпоры.
Шпоры з’яўляюцца неад’емным атрыбутам ваеннай амуніцыі і прадметам гонару рыцара. Знаходкі ж колавых шпор, датаваных XIV – XV стагоддзямі, мелі трымальнік кола да 10 сантыметраў.

Наканечнік арбалетнага балта і наканечнік арбалетнай стралы.
Пры археалагічных даследаваннях беларускіх замкаў наканечнікі стрэл – звычайныя знаходкі.
У Еўропе арбалет выкарыстоўваўся з V стагоддзя, а найбольшае распаўсюджванне атрымаў у ХIV – ХVII стагоддзях. Наканечнікі для арбалетных балтоў падраздзяляюць на ўтулчатыя і чаранковыя. Утулчатыя з пачатку ХIV стагоддзя паступова выцеснілі чаранковыя, як больш трывалыя і якія мелі больш надзейнае мацаванне з дрэўкам. Вага і памер наканечнікаў арбалетных балтоў значна большыя, чым наканечнікаў стрэл. Наканечнік стралы важыць у сярэднім 9 грамаў. Тады як вага наканечніка арбалетнага балта ў сярэднім можа даходзіць ад 18-ці да 50-ці грамаў, часам нават больш за 100. Арбалет пераўзыходзіў лук па моцы і далёкасці стральбы, але саступаў у хуткастрэльнасці.