Інфармацыя пра музейныя прадметы каля ўсходняй сцяны
Каменныя ядры.
Сведчаннем шматлікіх атак на Лідскі замак з’яўляецца вялікая колькасць ядраў розных памераў з вапняку і граніту, якія былі знойдзены падчас археалагічных раскопак. Іх дыяметр вагаецца ад 7–9 да 34 сантыметраў. Ядры датуюцца канцом XIV – сярэдзінай XVII стагоддзя. У асноўным яны гарматныя, але некаторыя, асабліва вялікіх памераў, маглі прызначацца для каменямётаў, што былі на ўзбраенні да XV стагоддзя. Гарматы з’явіліся ў Беларусі ў XIV стагоддзі, і доўгі час з іх стралялі выключна каменнымі ядрамі невялікага дыяметру.
Рэканструкцыя даспеха воіна ВКЛ (пачатак XV стагоддзя).
Для засцерагання корпуса цела воіна ад паражэння зброяй прымяняліся даспехі (латы), аснову якіх складалі: шлем тыпу “бацынет” з забралам “псіная пыса”, барміца (для аховы шыі), кальчуга, наплечнікі, латныя рукі, пальчаткі “пясочны гадзіннік”, латныя ногі і сабатоны.
Даспех важыў ад 25 да 35 кілаграмаў. Яго вага размяркоўвалася па ўсім целе, таму ён не замінаў свабодна рухацца рыцару, а таксама самастойна сядаць на каня.
Рэканструкцыя гатычнага паўдаспеха.
Прадстаўлены шлем тыпу “салад” і забрала “вераб’іная дзюба”, кіраса, наплечнікі, латныя рукі, гаржэт. У канцы XV – першай палове XVI стагоддзяў салады былі дастаткова папулярныя ў Вялікім Княстве Літоўскім.