Агульная інфармацыя пра паверх
Паўночна-ўсходняя вежа замка захавалася на вышыню ад 4 да 8 метраў. Яна была пабудавана на загад вялікага князя літоўскага Вітаўта ў канцы XIV – пачатку XV стагоддзя з разлікам на вядзенне гарматнага бою.
Падчас археалагічных даследаванняў у тоўшчы заходняй сцяны вежы былі знойдзены рэшткі лесвіцы, якая вяла на верхнія паверхі вежы. Лесвіца мела прыступкі, зробленыя з прамавугольных драўляных брусоў, умураваных у цагляную абліцоўку сценак ходу ў тоўшчы сцяны. Рэшткі лесвіцы налічвалі 10 прыступак шырынёй ад 20 да 31 сантыметраў. Шырыня ходу ў тоўшчы сцяны была 101 сантыметр. Ход быў абліцаваны цэглай.
Вежа мела форму няправільнага квадрата. Таўшчыня паўднёвай і заходняй сцен – 3 метры, паўночнай і ўсходняй – 83 сантыметры. Першы паверх вежы перакрыты нервюрным крыжовым зводам, рэбры якога зроблены са стрэлападобнай цэглы. Вежа была зроблена без перавязкі з асноўнымі сценамі замка і выканана з камянёў на вапнавым растворы. З цэглы былі выкананы скляпенні, паўцыркульныя нішы, арка ўваходу ў вежу, быў абліцаваны цэглай ход у тоўшчы заходняй сцяны. Унутры сцены вежы былі абмазаны вапнавым растворам так, што на паверхню праступалі толькі буйныя камяні з масіву сцяны і цагляныя зводы з аркамі.
Як устанавілі археолагі, дзве нішы ў паўднёвай сцяне вежы выкарыстоўваліся ў свой час як камін для абагравання верхніх паверхаў. А нішы ва ўсходняй і паўночнай сценах з'яўляліся кампенсаторнымі.