Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Горад Ліда і Лідскі замак

, lida-zamak.krokam.com

Горад Ліда з’яўляецца адміністратыўным цэнтрам Лідcкага раёна, ён знаходзіцца на раўніннай мясцовасці (Лідcкая раўніна) у міжрэччы прытокаў Нёмана – Жыжмы, Лідзеі (або Лідзейкі) і Дзітвы. У гэтым месцы ўжо ў сярэднявеччы перакрыжаваліся важныя шляхі, якія злучалі Ліду з Навагрудкам, Вільняй, Гродна, Слонімам і Мінскам.
Сёння горад займае больш за 24 квадратныя кіламетры. З’яўляецца адным з важных прамысловых цэнтраў Рэспублікі Беларусь. Ліда – гэта другі па велічыні горад Гродзеншчыны, у якім пражывае больш за 100 тысяч чалавек.
Упершыню горад Ліда ўзгадваецца ў летапісах у 1323 годзе, калі вялікі князь Гедымін распачаў пабудову Лідскага замка. Яго ўзнікненне было абумоўлена пагрозай нашэсця крыжакоў на беларуска-літоўскія землі. Гэты фарпост прынёманскіх земляў будавалі прыблізна 5–7 гадоў. Ён увайшоў у склад абарончай лініі супраць Тэўтонскага ордэна (Навагрудак – Крэва – Меднікі – Трокі).
Лідскі замак будаваўся як замак-кастэль. У ХІІ – ХІV стагоддзях кастэлем у Заходняй Еўропе называлі мураваны замак, які звычайна меў адну або дзве вежы і будаваўся для таго, каб мясцовае насельніцтва магло схавацца, калі нападалі ворагі.
Для пабудовы Лідскага замка выбралі невялікую пясчаную дзюну ў забалочанай мясцовасці на зліцці дзвюх рэк – Лідзеі і Каменкі. Замак быў узведзены на штучным пагорку (з пяску і жвіру) вышынёй 5–6 метраў.
Замак у плане ўяўляў сабой трапецыю, агульная даўжыня сцен складала 341 метр. Самая доўгая, паўночная сцяна – 93,5 метры, самая кароткая, паўднёвая – 80 метраў, заходняя і ўсходняя амаль аднолькавыя па даўжыні – 84 і 83,5 метры. Таўшчыня сцен у ніжняй частцы 2 метры, уверсе звужаецца да аднаго з паловай метра. Вышыня сцен – 14 метраў.